Абраз «Пакланенне вешчуноў»

Дрысвяты, Дрисвяты, касцёл, костёл, абраз, образ, Пакланенне трох каралёў, пакланенне вешчуноў

Абраз
“Пакланенне трох каралёў”

1514

з Браслаўскага раёна
[у Музеі стараж.-бел. Культуры
ІМЭФ АН БССР (МСБК)].

Самы ранні з вядомых  Алтарных абразоў на Беларусі.

Мяркуючы па характару выяўлення и надпісе на звароце – 1514 (зроблены ў больш позні час), абраз належыць да 1-й чвэрці 16 ст.

Ён вызначаецца высокім прафесіаналізмам выканання і адпавядае традыцыям сталага паўночна-еўрапейскага рэнесансу….

Э.І. Вецер (Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі.
Т1. стар.89-90).

 

Каля 1514 г. для Дрысвяцкага касцёла быў напісаны абраз
“Пакланенне вешчуноў” –
унікальны шэдэўр мастацтва Беларусі эпохі Рэнесансу.
Твор зберагаўся ў Музеі старажытнабеларускага мастацтва ў Мінску.

Браслаўскія сшыткі 3/1999 Гістарычны зборнік стар.140  

 

Абраз ”Пакланенне вешчуноў”
З калекцыі Музея старажытнабеларускай культуры.

Напярэдані самай страшнай разбуральнай вайны 1654–1660 гадоў была праведзена візітацыя рыма-каталіцкіх святыняў Віленскай дыяцэзіі.
Трэба зазначыць, што Віленская дыяцэзія ахоплівала амаль што ўсе беларускія землі, на яе тэрыторыі размяшчаліся некалькі дзесяткаў касцёлаў.

У інвентарнай кнізе візітацыі былі апісаны сотні твораў жывапісу, што знаходзіліся ў святынях – вялізны пласт беларускай мастацкай культуры, які ўзнік пасля Крэўскай уніі 1385 г. з Польскім каралеўствам, ад часоў якой на нашых краях пашыралася хрысціянства лацінскага абраду.

Вайна 1654-1660 гадоў прынесла Вялікаму Княству Літоўскаму незлічоныя чалавечыя – аж да паловы насельніцтва краіны – і матэрыяльныя страты.

Лёс згаданых у касцельных інвентарах алтарных абразоў аказаўся вельмі нешчаслівым: значная частка іх загінула ў полымі пажараў яшчэ ў сярэдзіне XVІI стагоддзя. Да нашага часу з пералічаных у старадаўнім вопісу помнікаў дайшоў толькі адзін.

Той цудоўна ацалелы алтарны абраз –“Пакланенне вешчуноў” з Дрысвятаў, Браслаўскага раёна.

Гэтая алтарная карціна, знойдзеная ў 1978 г. экспедыцыяй Інстытута мастацтвазнаўства Акадэміі навук Беларусі, зараз знаходзіцца ў музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску.

У нашыя дні гэты абраз прадстаўляе тую страчаную частку беларускай мастацкай спадчыны. І таму з’яўляецца выключна важным і цікавым ужо хоць бы с гэтай прычыны, калі нават не браць пад увагу яго выдатныя мастацкія якасці.

Гісторыя ўзнікнення абраза добра прасочваецца па гістарычных звестках і дакументах.

У Дрысвятах, каралеўскім двары, вядомым яшчэ з часоў Вітаўта, на востраве сярод возера знаходзіліся замак і касцёл Нараджэння Панны Марыі.

Касцёл і замак – паводле мясцовага падання разбураныя шведамі – яшчэ ў пачатку хх стагодзя прыгадвалі мясцовыя жыхары.

Абраз “Пакланенне Вешчуноў” першапачаткова прызначаўся менавіта для гэтага касцёла. Пра пачатак будаўніцтва яго ёсць гістарычная згадка.

На вальным сойме ў Вільні 6лютага 1514 г. вялікі князь Жыгімонт Стары сваім загадам “розсказалі есмо воеводе Віленскому пну Міколаю Радзівілу, державцы Дрысвяцкому” збудаваць касцёл “в месте нашом Дрысвяцком”.

Відаць, Мікалай Радзівіл (1470-1522) паспеў пры жыцці выканаць вялікакняскую волю, і яшчэ да 1522г. на востраве паўстала “церков Маткі Божое набоженства светого рымского костела”. Гэтаму касцёлу, як сведчыць пазнейшы (ХІХ ст.) надпіс на тыльным баку карціны, і прызначалася “Пакланенне вешчуноў”.

Пазней, калі святыня на востраве яшчэ існавала, абраз быў перанесены ў касцёл Пятра і Паўла (ў самім мястэчку), які быў пабудаваны віленскім ваяводам Людвікам Пацеем разам з Янам Гарайнам. Святыня ўпершыню прыгадваецца ў інвентарным вопісе 1744 года.

Можна меркаваць, што абраз, які дайшоў да нашага часу пад суцэльным металічным абкладам, пакрыты чатырма слаямі пазнейшых запісаў (зараз пераважна знятыя ў працэсе рэстаўрацыі), быў намаляваны паміж 1514 і 1522 гадамі – не раней даты фундацыі святыні, і, відаць, не пазней часу яе пабудовы.

Аўтара гэтага жывапіснага шэдэўра, які шасцітомнай “Гісторыі беларускага мастацтва” цалкам справядліва аднесены да мастацтва Паўночнага Адраджэння, можна шукаць сярод мастакоў вялікакняскага двара, выхадцаў з Нямеччыны.

На мяжы 15 і 16 ст. Вільню наведваў вучань Дзюрэра Якуб Бінк. Некалькі пазней у Кракаве, у 1511, 1514, і 1516 гадах, працаваў Ганс Зюс з Кульмбаха (1480 – 1522). Мастацкія кантакты з Нямеччынай не абмежаваліся стварэннем абраза “Пакланенне вешчуноў”.

Гістарычныя дакументы ў 1510 – 20-я гады прыгадваюць у Вільні яшчэ аднаго нямецкага мастака, Ганса Эльвінта (Хельвіга), ураджэнца Фрэйбурга, паслугамі якога карыстаўся Жыгімонт Стары.

Магчыма менавіта ён, выхадзец з горада, дзе працаваў адзін з лепшых жывапісцаў нямецкага Адраджэння Ганс Бальдунг Грын, да стылю жывапісу якога, як і да мастацкай манеры Лукаса Кранаха Старэйшага, даволі блізкі жывапіс карціны з Дрысвятаў, і выканаў каралеўскі заказ.

Стыль карціны з Дрысвятаў вельмі далёкі ад таго стылю, што квітнеў у пачатку 16 ст. у беларускім праваслаўным абразе, у мастацтве праваслаўнай царквы.

Адлюстраванне нараджэння Хрыста, найважнейшага эпізода Свяшчэннай гісторыі, у каталіцкім жывапісе Беларусі прыпадабняецца, у адрозненне ад іконапісу, да эпізоду сапраўднага жыцця.

Высокі духоўны і сакральны змест выяўляецца мастаком у падзеі, якая адбываецца ў рэальным асяроддзі, у канкрэтным месцы на зямлі.

Пабудова кампазіцыі карціны простая і ясная. Асноўную частку пярэдняга плана займаюць постаці трох вешчуноў, якія, кіруючыся святлом Бэтлеемскай зоркі, што ззяе ў верхняй частцы карціны над яслямі, прыйшлі пакланіцца Хрысту.

У цэнтры – Святая Сямья, барадаты Язэп і цудоўнай нябеснай прыгажосці Маці Божая, якая, седзячы на ўзвышшы, трымае Немаўлятку – Хрыста.

У рэлігійным мастацтве Еўропы часоў Адраджэння склаўся канон адлюстравання вешчуноў. Іх, жадаючы падкрэсліць сусветную ролю хрысціянскай царквы, што было асабліва важным у час геаграфічных адкрыццяў і пазнання еўрапейцамі новых земляў, паказвалі прадстаўнікамі розных кантынентаў.

Іх – трое, як ёсць тры асобы св. Троіцы, як існуюць тры галоўныя народнасці, што пайшлі ад Сіма, Хама і Яфета.

Злева, у пурпурнай мантыі еўрапейскага манарха, прыпадаючы да рукі Хрыста, укленчыў вяшчун-еўрапеец.

За ім, у экзатычнай жоўта-залацістай вопратцы і турбане, стаіць цёмнаскуры маўр-афрыканец з залатым посудам.
Яго аблічча на карціне знявечана асколкам падчас Першай сусветнай вайны.

Постаць справа – барадаты вяшчун у кароне з каштоўнымі камянямі, апрануты ў кінаварна-чырвоны камзол і доўгае зялёнае футра, з залатым ланцугом і медалём на грудзях – прадстаўнік Усходу, з уладанняў Парфянскага царства ў Месапатаміі, адкуль, паводле традыцыі, што ідзе ад Клімента Александрыйскага, і выйшлі вешчуны.

Іх імёны ў VII ст. былі адвольна прапанаваныя царкоўным пільменнікам і гісторыкам Бедам Высокашаноўным – Балтасар, Каспар і Мельхіёр.

Яны прынеслі Хрысту, паводле традыцыі, золата, міру і ладан, каб ушанаваць яго ў трох асноўных яго іпастасях – як цара, я чалавека, як Бога.

Мастацкі вобраз карціны складаецца з зіхацення светланосных фарбаў, статуарнай пластычнасці групы фігур, што вольна размясцілася ў прасторы адлюстравання на фоне стойла з саламянай страхой – гэта тое мастацтва Паўночнага Адраджэння, якое “адкрывала свет і чалавека”, стварала новую жывапісную рэальнасць прасторавага асяроддзя карціны.

Постаці і прадметы вакол іх, паўразбураная сцяна, зялёнае дрэва, краявід, які раскрываецца за драўлянымі рыштаваннямі ясляў – усё паказана з максімальнай фактурнай, колеравай, матэрыяльнай праўдзівасцю.

Адраджэнне стварыла такі тып рэлігійнай карціны, які наблізіў падзеі свяшчэннай гісторыі да свету знаёмых і блізкіх чалавеку рэчаў, краявідаў, напаўняючы свет гэтых прадметаў новым узвышаным зместам, узвышаючы і напаўняючы Боскасцю зямное жыццё.

Рэлігійная карціна, у адрозненне ад іконы, прыпадабняецца акну, праз якое відаць рэальны краявід і сцэна з персанажамі святой гісторыі, што апранутыя падобна да сучаснікаў мастака.

Зазначым, аднак, што ў беларускім мастацтве новая жывапісная манера, пашыраная з часоў Адраджэння, не толькі ўплывала на развіццё і эвалюцыю іканапісу, у выніку чаго беларускі праваслаўны абраз усё болей аддаляўся ад кананічных традыцый візантыйскага іканапісу, але і адчувала сустрэчнае ўздзеянне з боку іканапіснай школы.

Два накірункі рэлігійнага мастацтва, дзве розныя эстэтычныя сістэмы ў культуры Царквы і касцёла на Беларусі не маглі не ўздзейнічать адна на другую.

Як мы ўжо зазначылі, “Пакланенне вешчуноў” неаднойчы перамалёўвалася, і тыя змены, якія адбываліся з карцінай на працягу стагодзяў, набліжалі яе да эстэтыкі абраза, іконы.

Адзін з мастакоў-панавіцеляў дадаў фрагменты больш уластівыя іконе, чым карціне – залаты ўмоўны фон, сімвал райскага святла.

Другі, што выконваў волю заказчыка чарговай рэстаўрацыі жывапісу ў другой палове 17 ст. дадаў яго партрэт, але не ў аптычнай, а ў іерархічнай перспектыве, як у іконе, маштабна падпараткаваўшы вобраз чалавека фігурам святых у сцэне “Пакланення”.

Укленчаны чалавек, хоць і размешчаны на першым плане, меншы за постаці вешчуноў і Святой Сям’і – так жывапісец вызначыў рознае месца, розную вартасць – перад вечнасцю – адлюстраваных у карціне.

Нарэшце, у XVIII ст. карціна была цалкам схаваная пад пасярэбранай шатою, якая цалкам змяніла яе знешнее аблічча і наблізіла да іконы.

З – пад чаканнай металічнай пласціны выступалі толькі лікі персанажаў “Пакланення”.

Партрэтны вобраз, пакінуты рэстаўратарамі падчас расчысткі першапачатковага жывапісу XVIст., цікавы як узор архаічнай, традыцыйнай формы партрэта, яшчэ звязянага з рэлігійнай карцінай – менавіта таму чалавек паказаны ўкленчаным, у позе вечнага малення, адарацыі.

Тым не менш перад намі сапраўды гістарычны персанаж, асоба якога пацверджана, як гэта вельмі часта сустракаецца ў беларускім партрэце, дэманстратыўна выстаўленым напаказ знакам шляхецкага гонару – гербам тыпу “Сыракомля”, які па памерамх суразмерны з самой постаццю.

Мяркуючы з манаграмаў вакол герба, заказчыкам рэстаўрацыі карціны і змяшчэння партрета ў XVII ст. (магчыма, падчас рамонту касцёла ў 1673 г.), мог быць Ян Сэгень, падстолі Вендэнскі (Вендэн – цяперашні Цэсіс у Латвіі), бацька якога быў гарадскім суддзёю ў Ашмянскім павеце і войскім ваўкавыскім.

Як Сегені былі звязаны з Дрысвятамі, невядома, аднак Вендэн, цэнтр адной з 4 кашталяній у Інфлянтах, размешчаны не вельмі далёка ад Браслаўшчыны.

Карціна “Пакланенне вешчуноў” з Дрысвятаў – не проста эпізод у гісторыі беларускага мастацтва і беларускай рэлігійнай культуры. У гэтым творы як у люстэрку адбілася шмат сутнасных, істотных для беларускага мастацтва XVI – XVIII ст. з’яваў і асаблівасцяў.

Кантакты беларускіх земляў з заходнееўрапейскім светам, уплывы еўрапейскага Адраджэння, у тым ліку Паўночнага, нямецкага, на станаўленне рэнесанснай культуры ў Беларусі, з’яўленне ў Беларусі рэалістычнай алтарнай карціны, узаемадзеянне традыцыйнай іканапіснай эстэтыкі з новай мастацкай сістэмай Рэнесанса – вось толькі накаторыя тэмы, якія можна абмяркаваць, знаёмячыся з дрысвяцкім “Пакланеннем вешчуноў”.

І, можа самае галоўнае, што “Пакланенне вешчуноў”, як Леанарда да Вінчы і Рафаэля ў Італіі, Дзюрэра і Кранаха ў Германіі – своеасаблівая візітная картка беларускай жывапіснай школы XVI стагоддзя – часу , калі ва ўзаемадзеянні розных мастацкіх плыняў канчаткова склалася яе непаўторнае, і адметнае аблічча

Аляксей Хадыка, мастацтвазнаўца
Дыялог №1 /45/ студзень 1998
Матэрыял атрыман з Дрысвяцкай сярэдняй школы.
Архітэктурная спадчына Дрысвят стар.12-13

Абклад абраза
«Пакланенне вешчуноў»
з Браслаўскага раёна 18 ст.

 

АБКЛАД,  аздоба пераплёту рукапісных і друкаваных кніг, абразоў.

Выконваўся з серабра, залачоага серабра, пасярэбранай медзі, парчы, скуры, аксаміту, дэкарыраваўся чаканкай, гравіроўкай, чарненнем, эмалямі, філігранню, каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, жэмчугам.

Вядомы … медны, пасярэбраны, … да абраза ”Пакланенне вешчуноў”. (Браслаўскі р-н, 18 ст.)…

М М Яніцкая
Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т1. стар.11-12.

 

Дзякуючы вялікай дапамозе сям’і Віктара Іванавіча Ледзенева, камп’ютэрная копія абраза «Маці Божай Дрысвяцкай» зараз знаходзіцца ў нашай святыні.

Віктар Іванавіч Ледзенеў адшукаў у Мінску гэты абраз, а сын яго, Андрэй Віктаравіч Ледзенеў, прафесіянал у галіне камп’ютэрнай графікі і web-дызайну, падараваў нам камп’ютэрную копію  цудоўнага абраза.

У Дрысвятах, Віктар Паўлавіч Зуеў здабыў вялікі аркуш шкла, і нам удалося зрабіць вялікую раму і размясціць Абраз на галоўным Алтары.

Іван Гедзюн