Лявон Вітан-Дубейкаўскі

Лявон Вітан-Дубейкаўскі

…Новы кастёл для Дрысвятаў спраектаваў вядомы беларускі архітэктар, будаўнік, паэт Л. Вітан–Дубейкаўскі (1869-1940).

Ураджэнец Мсціслаўшчыны, ён скончыў Варшаўскую школу будаўнічых рамёстваў,

Акадэмію архітэктуры ў Парыжы (1909), працаваў будаўніком, архітэктарам, удзельнічаў у беларускім нацыянальна-культурным руху.

З пачатку 1920-ых гадоў жыў і працаваў у Вільні.

Адным з важнейшых сваіх творчых здабыткаў Л.Вітан–Дубейкаўскі лічыў распрацоўку новай сістэмы драўлянага будаўніцтва, якая дазваляла дабівацца ўзвядзення вельмі якаснай сцяны ў зрубе.

Аб сваёй сістэме дойлід напісаў кнігу, якая рыхтавалася да друку, аднак свету не пабачыла. Цяпер русапіс зберагаецца ў Вільні.

Фрагменты з яго друкаваў часопіс «Архиректура и строительство Белоруссии»(1991, №5).

У 1925-1929 г.г. Л.Вітан–Дубейкаўскі кіраваў школай будаўнічага рамяства ў Вільні.

За два летнія сезоны 1927-1929 г.г. ён з групай вучняў, якім было па 16-18 гадоў, пабудаваў касцёл у Дрысвятах, прамяніўшы на практыцы новую сістэму.

Архітэктурны воблік храма вельмі выразны і запамінальны.

Дамінантай з’яўляецца высокая шмат’ярусная вежа ступеньчатай кампазіцыі.

Два першыя ярусы чацверыковыя, трэці – васьмерыкавы, чацвёрты і пяты – цыліндрычныя.

Для кожнага яруса характэрна свая форма аконных праёмаў.

Уваход аформлены падчэнямі на чатырох мураваных слупах.

Вельмі прыгожая алтарная частка храма з пяціграннай апсідай і бакавымі сакрысціямі, над якой узвышаецца невялікая трох’ярусная вежачка.

Дах асноўнага аб’ёму, апсіды і сакрысцій – складаны.

Першапачатккова ён быў гонтавы і выглядаў больш пластычна, чым сучасны, зроблены з бляхі.

Сцены храма ашаляваны вертыкальна.

Увогуле, сілуэт касцёла суцэльны, узнёслы, шматлікія ламаныя лініі і яруснасць не разбіваюць будынак, а, як адзначаў сам архітэктар, “ствараюць адналітую, манументальную форму, прыпамінаючы наш беларускі стыль”.

К.С.Шыдлоўскі.
Архітэктурная спадчына Браслаўшчыны.
Мінск “Полымя” 1996 стар.88-90

Лявон Вітан–Дубейкаўскі
Касьцёл Пятра і Паўла

Мсьціслаўшчына сярод іншых краёў Беларусі займае выключнае месца, дзякуючы сваім сынам.

Сярод даўжэзнага сьпісу тутэйшых славутасцяў ёсць і імя Лявона Вітан – Дубейкаўскага.

Бадай за ўсю нашую гісторыю ХХ стагоддзя гэта адзіны дойлід, які застаўся цалкам несавецкім, але цалкам беларускім.

Гэта адзіны дойлід, які абгрунтаваў беларускасць свайго творчага метаду…

…Ён нарадзіўся у фальварку Дубейкава, у клясычнай шляхецкай сям’і гербу ”Вітан”(Відун”), якая вяла свой старажытны радавод ад літоўскіх князёў.

У сям’і, як і мусіла быць, валодалі польскай і расейскай мовамі. Як і мусіла быць, матчынай мовай была беларуская.

Па сканчэнні Мсьціслаўскай школы, бацькі, ня хочучы згубіць сына ў Расеі, адправілі яго на вучобу ў Варшаву.

Для іх гэта было прадметам асаблівага гонару. Варшаўская школа будаўнічых рамёстваў  (Szkoła rzemiosł budowlanych) стала першым вакном у шырокі сьвет і першым крокам у архітэктуру…

…Дзе б пазней ні зьяўляўся Вітан – Дубейкаўскі, сьвет дойлідаў адкрываў яму ўсё новыя магчымасці.

З Варшавы ён перабраўся бліжэй да родных мясцінаў, у Смаленск, дзе адразу адкрыў сваё прыватнае бюро.

Як лёгка яму, зусім маладому будаўніку (25 гадоў) дастаюцца замовы!

Сярод галоўных яго твораў тае пары: цэрквы ў Манастыршчыне і Ярцаке, скарбніца ў Вязьме.

У 1894 годзе ён перамагае ў конкурсе на будаўніцтва мураванага касцёла ў Смаленску.

Вялікі дзьвухвежавы касцёл таксама таямнічым чынам быў пабудаваны ў рэкордныя тэрміны – за два гады.

На гэты час прыпадае “рэстаўрацыйны” перыяд у творчасці маладога дойліда.

З 1895 да 1901 году ён праводзіць рэстаўрацыю касьцёлаў у Крычаве, Смалянах (разам з Даўкштам), Воршы, Сьвіслачы (каля Асіповічаў) і, вядома, у родным Мсьціславе.

У 1901 годзе Дубейкаўскі будуе ў Смаленску фабрыку жалеза-бэтонных вырабаў.

Някепскі плён для 32-х гадоў…

…Адчуваючы брак адукацыі, у 1902-м годзе Дубейкаўскі едзе ў Пецербург,дзе працягвае вучобу ў Інстытуце цывільных інжынераў, які сканчае ў 1903 годзе з дыплёмам інжынера-архітэктара.

Пасьля ізноў вяртаецца ў Смаленск, ва ўласнае бюро.

Вольны муляр…

На гэтым ён ня можа спыніцца. Ён прагне эўрапейскіх даляглядаў. Ён прагне Парыжа.

Тры гады вучобы ў парыскай Спецыяльнай Архітэктурнай школе (Ecole Special d’Achitekture), дзе ён атрымаў дыплём архітэктара-мастака, канчаткова сфарміравалі яго мадэрністам.

Як Вітан – Дубейкаўскі жыў у Парыжы, чым натхняўся, пра што марыў – застаецца таямніцаю…

…Жыццёвыя шляхі гэтага чалавека былі пакручастыя.

Часам, углядаючыся ў ягоную біяграфію, можа здацца, што ён хутчэй нейкі кансьпіратар, разведчык, чым салідны архітэктар-практык з грунтоўнаю адукацыяй…

…Набліжалася сусьветная вайна… У 1910 годзе Дубейкаўскі ў Варшаве, дзе працуе ў вядомай фірме Лільпопа й Янкоўскага і выкладае ў Тэхнічна-прамысловай школе інжынера Пятроўскага.

Пасьля закладае уласнае бюро і становіцца сябрам „Koła architektów w Warszawie”.

У 1915 годзе ён у Арле, пасьля ў Менску, у 1916-м у Петраградзе, ізноў у Менску, Арле, і нарэшце, у 1918-м – у Варшаве, дзе узначальвае Беларускі Нацыянальны Камітэт.

Пры тым, паўсюль, дзе б ён ня быў, ён праектуе і будуе заводы, дамы, сядзібы.
Ніякіх праблемаў ні зь перамяшчэннем, ні з грашыма…

…Крыніцы свае беларускае сьвядомасці ён называў сам: маці, якая ніколі не цуралася роднае мовы і кніжачка Багушэвіча, якую паказаў яму мсьціслаўскі ксёндз.

Яшчэ на прыканцы мінулага стагоддзя, працуючы ў Смаленску, Дубейкаўскі пачаў зьбіраць беларускі фальклёр.

Пісаў па-беларуску вершы, апавяданні, ліставаўся зь беларускімі газэтамі…

У кастрычніку 1916 году Дубейкаўскі зьявіўся у Петраградзе.

Трэба меркаваць, што гэты візыт быў зьвязаны зь беларускім рухам, бо апроч фінансавых апэрацыяў і грамадзкай дзейнасці, ніякіх сьведчаньняў аб іншых работах няма.

Аднак, праз колькі тыдняў яго знайшоў ксёндз Будзька … і замовіў яму праект драўлянага касьцёлу ў беларускім стылі…

Гэты праект прызначаўся для вёскі Янатруда ў Полацкім павеце.

У студзені 1917 году праект быў зацьверджаны Міністэрствам і ўжо ўлетку меліся распачацца будаўнічыя работы…

Лютаўская рэвалюцыя скасавала ўсе пляны. Праект застаўся незрэалізаваным.

Як напісаў пазней сам Вітан – Дубейкаўскі: “Спусця нейкага часу дачуўся, што ксёндз Будзька ад рэвалюцыі, у цяжкіх абставінах, растаўся з гэтым сьветам.

Гэтыя сумныя падзеі, а так-жа недакончаная сымфонія архітэктурнай паэзіі, абнялі мяне цяжкім сумам”…

Што ж уяўляў сабою той, першы ў гісторыі праект беларускага стылю?

У сваёй кнізе “Эвалюцыя і форма  дзераўлянага будаўніцтва” Дубейкаўскі гэткім чынам апісвае працу над гэтым праектам: “Заданне было хоць і прыемнае, але даволі цяжкое, бо-ж у літаратурэ – ані тэхнічнай, ані архітэктанічнай аб беларускім стылю не было ніякага ўспаміну. Але, як трэба – то трэба!

Застаўшыся без літаратурнай дапамогі, глыбока ўдумаўшыся ў заданне, у ідэю нашага стылю, і запраектаваў касцёл.

Праўда, не зусім тут мая заслуга – галоўна памагалі думы-думы з духа Нашага Народу.” Можа трохі наіўна, але трапна.

Гэтая кніга, першая нацыянальная спроба стварыць тэорыю беларускага дойлідзтва, была разьлічана на шырокае кола чытачоў.

Паводле праекту, касцёл у Янатрудзе мусіў уяўляць сабою просты ў пляне, кампактны будынак, зь вялікім прасторным нэфам і вялікай шмат’яруснай вежаю-званіцай над хорамі.

З боку галоўнага ўваходу мусіла быць прасторная галерэя на чатырох танкіх калёнах, крытая вялікам гонтавымшатром. Шацёр галерэі плаўна абдымаў вежу, пераходзячы ў суцэльны дах над усёй бажніцаю краі якога мякка выгіналіся на доўгіх кроквах.

Чатырохярусная вежа спалучала ў сабе рысы ўсіх традыцыйных прыёмаў, у яе вобразе не было нічога спэцыфічна каталіцкага, рымскага, далёкага.
Гэтая бажніца з роўным правам магла б служыць прататыпам і для католікаў і для праваслаўных і для пратэстантаў.

Вельмі выразны, дынамічны абрыс, сканцэнтраваная сыметрычная кампазіцыя, адсутнасць штучнага дэкору – гэтак мысьліць мог чалавек ужо ХХ стагоддьзя І дрэва…

Прынцыпова дрэва… Ясная канструкцыя зрубу, непрыхаваная ні тынкоўкаю, ні шалёўкаю стварала сваю самастойную эстэтычную каштоўнасць.

І ў гэтым Дубейкаўскі бачыў адметнасць беларускага кшталту, аддаючы перавагу спрадвечнаму, любімаму і звычнаму тутэйшаму матэтыялу.

Ён піша:”І гэткі першабытны спосаб рубкі дзераўлянага зрубу цэніцца ў нас, на Беларусі – з прадвеку. Як і цяперыка бачым – увесь наш край: сёлы, мястэчкі, гарады разам зь Вільняю аб гэтым сьведчаць…”

Падчас праектавання касцёла ў Янатрудзе, Дубейкаўскаму давялося шукаць уласную, найноўшую сыстэму драўлянага зрубу дзеля максымальнага выяўлення якасцяў дрэва, як паўнавартастнага эстэтычнага матэрыялу, які не патрабуе дадаткаў.

Наібольшай праблемаю было прадухіліць растрэсківанне дрэва і зрабіць цеплаізаляцыю памешканьня. Раней, як і тысячу гадоў таму (і да сёння), шчыліны паміж бёрнамі зрубу груба забіваліся ймхом, альбо кастаю. Зь цягам часу дрэва рассыхалася і мела непрывабны выгляд.

Гэтую хібу драўлянае канструкцыі хавалі пад шалёўкаю ці тынкоўкаю, хаваючы тым самым пачатковы выгляд і матэрыялу, і канструкцыі.

Аднак гэтыя прыёмы недасканалыя, бо спрыяюць толькі хутчэйшаму трухненню дрэва. Дзе ж выйсце?

Дубейкаўскі пісаў: “ …прыняўся натужна, каб сканструяваць нешта адпаведнейшае, і ўзяўся шкіцаваць – класці на паперу ўсялякія магчымасці, і ў рэзультаце дайшоў к памыснай разьвязцэ…”

Сутнасць мэтаду, вынайдзенага Дубейкаўскім, была ў адмысловай сыстэме пазоў на бярвеньнях і спосабу зарубкі вугла, канцы якога абпільваліся зь ліцам сьцяны, утвараючы суцэльны, эканамічны аб’ём. Адольф Клімовіч у “Матэрыялах да біяграфіі дзеячоў беларускай культуры і нацыянальнага руху” адцеміў:

” …собскую тэхніку будаваньня з дрэва выясьніў Дубейкаўскі ў падручніку будаваньня…” Новая сыстэма была ўхваленая ў 1923 годзе Таварыствам архітэктараў у Вільні. Але гэта была пакуль тэорыя…

У 1924 годзе Лявон Вітан – Дубейкаўскі праектуе касьцёл для мястэчка Дрысьвяты, што на Браслаўшчыне.

Але да рэалізацыі праекту мінае яшчэ колькі гадоў. Тым часам ён будуе царкву старавераў у Відзах, факультэт мастацтва Віленскага унівэрсытэту (сёння Акадэмія мастацтваў), лясніцтва ў Шумску, падлясьніцтва ў Кене, шэраг прыватных дамоў, уласную сядзібу ў Вільні, на Падгорнай.

Увесь час не перапыняе выкладчыцкую працу.

Яшчэ ў 1919 годзе ён выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах у Горадні і ў Вільні. А ў 1925 – стварае й кіруе Школай будаўлянага рамяства ў Вільні.

У 1927 годзе  Дубейкаўскі нарэшце прыступіў да будаўніцтва касьцёлу ў беларускім стылі…

На велізарным пагорку старажытнага замчышча, які паўвыспаю далёка заходзіць у шырокае Дрысьвяцкае возера, стары касьцёл быў пастаўлены яшчэ ў XV ст., але шматкроць гарэў.

На тым самым месце распачалася новая будова.

Праз два гады высокія вежы касьцёлу ўзьнесьліся па-над дрысьвяцкімі разлогамі.

Пазьней дойлід напіша:”…бярэ ахвота пахваліцца монументальнай будовай – дзераўляным, трох–навовым з высокай вежай касьцёлам, пабудаваным – тымі-ж 16 – 18 летнімі вучэньнікамі, у два летніх сэзоны – у 1927-ым і 1929-ым гадох у Дрысьвятах, у павеце Браслаўскім…

…сьцены агэблёваны нагладка, у злучвах, між вянцоў не відаць ані мшэньня, ані шчэлак, столь – на закладку, а на кантах бэлек цягнецца разьба шнурочкам… і ўсе паасобныя фрагмэнты выпаўнены па-мастацку, а ў агульнасці даюць сымпатычную сынтэзу…”

Асобна Дубейкаўскі спыняецца на вонкавым вобразе касцёла:”…прапорцыі асобных часцінаў, якія ствараюць манумэнтальную форму, прыпамінаючы наш беларускі стыль”.

Галоўны фасад касцёлу Пятра і Паўла вельмі блізкі да праекту касцёла ў Янатрудзе, але галоўная вежа на шмат вышэйшая і страмчэйшая.

Да яе кампазыцыйна прывязана вежа-сыгнатура над сяродкрыжжам, разшыфроўваючы кананічныя дачыненьні паміж асобамі Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла

Гэтая нідзе дагэтуль ня бачаная будыніна і сёньня мае дагледжаны выгляд. Тое, што  не ўдалося зрабіць палякам або расейцам, зрабіў беларускі дойлід.

Гэта не этнаграфічная а найноўшая нацыянальная архітэктура: чыстае дрэва і чысты бэтон.

Адсутнасьць дэкору і чужародных матэрыялаў стваралі нязвыклае, арганічнае адчуваньне зьнітаванасці будынка з натуральным атачэньнем. Прасторныя шатры на пекных тонкіх калёнах, моцна вынесеныя за сьцены, утваралі своеасаблівыя клуатры, адкрытыя ў прастору.

Мысьленьне катэгорыямі арганічнае архітэктуры было для Вітана – Дубейкаўскага вынікам эвалюцыі, ўсяго дойлідзтва і ён вельмі дакладна гэта ведаў.

Дойлідзтва і прырода мусяць сплятацца ў суцэльны гуманістычны асяродак.

Ці ня першым сьведчаньнем беларускай экалягічнай думкі гучаць ягоныя словы: “ … лес страшэнна эксплёатуецца і вывозіцца ў нашы гарады і за граніцу – лесу ўсё малей і ён ужо не спраўляецца з патрэбамі чалавецства расьці…”

На жаль і гэтая думка выбітнага дойліда і патрыёта патанула ў каламуці XX стагодзьдзя

Дубейкаўскі двума крокамі вывеў беларускую архітэктуру ў будучыню, паставіў яе ў эўрапейскі кантэкт.

Найноўшыя тэхналёгіі й рупнасьць пра нацыянальную адметнасьць – гэткі шлях быў нашай альтэрнатываю.

Завод жалезабетонных вырабаў у Смаленску – першы крок беларускае архітэктуры ў XX стагодзьдзе.

Касьцёл Пятра і Паўла ў Дрысьвятах – першы крок архтэктуры ў Беларушчыне. І пакуль апошні…

 Сяргей Харэўскі.
“Наша ніва” 36 (97) 29 сьнежня 1997

Матэрыял атрыман з Дрысвяцкай сярэдняй школы.
Архітэктурная спадчына Дрысвят  стар.11

Л. Вітан–Дубейкаўскі:
старонкі біяграфіі

Імя архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага (1) (1869-1940) добра вядома аматарам беларускае паэзіі ды знаўцам палітычнае гісторыі Края часоў БНР.

Але яго прафесійная дзейнасць, мяркуем, вядома трохі меней. Таму перад знаёмствам з працай Дубейкаўскага «Эволюцыя і рэформа дзераўлянага будоўніцтва«, што друкуецца упершыню, дарэчы будуць колькі слоў пра аўтара дай яго канструкцыўную сістэму, папулярнаму выкладу якой прысьвечаны публікуемы тэкст.

Нарадзіўся Лявон Дубейкаўскі 7.VII.1869 г. у в. Дубейкава на Мсьціслаўшчыне ў патрыярхальнай шляхецкай сямьі гербу Вітан(Відун).

Пачатковую навуку атрымаў у Мсьціслаўскай гарадской школцы, на будаўніка вучыўся ў Варшаве ў Школе будаўнічых рамёстваў (Szkoła rzemiosł budowlanych ), скончыўшы якую заснаваў сваё бюро ў Смаленску.

Асноўныя будоўлі гэтага перыяду — цэрквы ў Манастыршчыне й Ярсаве (Смаленшчына), скарбніца ў Вязьме.

У 1894 г. перамогаю ў конкурсе Дубейкаўскі дамогся права на будоўлю мураванага касьцёла ў Смаленску, а ў 1901 г. — фабрыкі жалеза-бетонных вырабаў. Тым жа часам ён стала працуе ў «рэстаўрацыі» — аднаўляе касьцёлы ў Воршы, Мсьціславе, Крычаве, Смалянах, Сьвіслачы ля Бярэзіны.

У 1902-1903 гг.Дубейкаўскі вучыцца ў пецярбурскім Інстытуце цывільных інжынераў (Институт гражданских инженеров), па заканчэнні якога працягвае  працу ў сваім смаленскім бюро, цяпер ужо й архітэктарам.

Каб канчатна сьцьвердзіцца прафесійна, у 1907-1910 гг. навучаецца ў Парыжы ў славутай Акадэміі архітэктуры (Ecole Special d’Architekture) і атрымлівае дыплом архітэктара-мастака.

З 1910 г. Дубейкаўскі ў Варшаве. Да 1913 г. ён робіць архітэктарам у вядомым бюро Лільпопа й Янкоўскага, праектную працу ў якім з 1912 г. сумяшчае з выкананнем курса будаўніцтва ў сярэдняй Тэхнічна-прамысловай школе інжынера Пятроўскага.

У 1913 г. закладае ўласнае архітэктурнае бюро даволі пасьпяхова працуе да 1915 г.

Сярод тагачасных пабудоў — летнік Сталыгваў у Ажарове ля Варшавы, шэраг прыбыткавых дамоў. У часе свайго варшаўскага побыту становіцца сябрам «Кола архітэктараў» («Koła architektów w Warscawe).

Першая Сусьветная вайна засьпявае Дубейкаўскага на ўсходзе ад лініі фронту.

Апынуўшыся ў Петраградзе, у 1916 г. ён праектуе драўляны касьцёл у Янатрудзе (Полаччына), а затым, на пачатку 1917 г. — фабрыку ралейных снасьцяў для эвакуяванага ў Арол Віленскага ралейнага таварыства.

У вясну 1918 г. Дубейкаўскі вяртаецца да Варшавы, дзе згаджаецца ўзначаліць кіраўніцтва паваеннаю адбудовай Янова-Люблінскага.

У 1919 г. архітэктар чытае папулярныя лекцыі аб будаўніцтве на беларускіх Настаўніцкіх Курсах у Вільні і Горадн, а ў 1922 г. — пераязджае на сталае жыхарства ў Вільню.

Вось пералік некаторых твораў віленскага перыяду: 1922 г. — царква старавераў у Відзах, 1923 г. — перабудова віленскіх Бэрнардынскіх муроў пад факультэт мастацтва ўніверсітэту ім. Сьцяпана Батуры,

1924 г. — касьцёл у Дрысвятах (праект) і прыватны дом на вул. Славацкага ў Вільні, затым — лясьніцтва ў Шумску, дамы ў Кене дый шмат іншых пабудоў у Вільні й на Віленшчыне.

У 1925-1929 гг. Дубейкаўскі арганізуе і кіруе Школай будаўлянага рамяства і разам з вучнямі ставіць шэраг будынкаў паводле сваіх праектаў.

Пасьля 1926 г. ён пераабсталёўвае ўласную сядзібу на вул. Падгорнай, працуеў віленскім Беларускім Інстытуце Гаспадаркі й Культуры.

У 1934-1938 гг. кіруе аднаўленнем комплекса Францішканскага кляштара на вул. Троцкай у Вільні, уніяцкага Марыянскага манастыра ў Друі, праектуе кляштар у Непакалянаве ля Варшавы, групу кааператыўных дамоў на віленскім Антакалі.

Памёр Лявон Дубейкаўскі ў Вільні 6.XI.1940 г. Пахаваны на гарадскім могільніку Росса.

Архітэктура Дубейкаўскага стылістычна размаітая.

Што да канструкцыйнае сістэмы, якую аўтар уважаў за свой найвялікшы творчы набытак і лічыў за «рэформу дзераўлянага будоўніцтва», дык яе распрацоўка палягае ў межах галоўнага стылістычнага накірунка яго творчасці.

Гэты накірунак, які ў тэрмінх сучаснае крытыкі можна інтэрпрэтаваць як «рэгіяналізм», і які сам аўтар называў архітэктурай «беларускага стылю», насьледуе і разьвівае спрадвечную тутэйшую дойлідскую традыцыю.

Сістэма Дубейкаўскага падсумавала плён тысячагадовага развіцця гэтае традыцыі і, на вялікі жаль, сталася яе апошняй кропкаю.

Далучэнне Заходняе Беларусі да БССР, паваенная індустрыалізацыя будаўніцтва і дзяржаўная палітыка разбурэння сяла — вынішчылі грунт дойлідства, прывялі да заняпаду народнае будаўнічае культуры.

Сістэма Дубейкаўскага — гэта дасканалая канструкцыя сьцяны традыцыйнага зруба, гэта матэрыялізаванае памкненне даць чалавеку вартае яго прыгожае й здаровае жытло.

Прапанаваная архітэктарам разьвязка гранічна простая й нашай залішне ідэалагізаванай сьвядомасці можа падацца не сумернай глабальным праблемам сучаснасці і таму ня вартай увагі.

Але на сьхіле XX ст.на шырокім фоне трагічнага краху планаў усялякіх «глабальных пераўтварэнняў» ды паўсюднае дэгуманізацыі асяроддзя, скіраваная да дробных, на першы погляд, праблем якасьці людскога жытла, творчасць Вітан-Дубейкаўскага можа дзіўным чынам актуалізавацца, бо там, дзе гаворка йдзе аб чалавеку, дробязы папросту няма.


«Жыллё ў жыцці чалавека мае  агромнае значэнне. І калі ёсць добрым, што значыць: чыстым, сьветлым, сухім і цёплым, — то добратворна уплывае на фізічны і псіхічны стан чалавека, дадаючы яму: добрага настрою, энергіі і ахвоты да працы, падвышае яго на вышэйшы духоўны і маральны ўзровень; а маладое пакаленне, якое расьце ў добрым памяшканні,- ушляхетніцца, зробіцца дужа лепшым, а таксама ўмацуецца фізічна.

Таксама наадварот, — жыллё благое: халоднае, цёмнае, вільготнае й бруднае, — дрэнна настройваюць жыхара: — чалавек робіцца пануры, незедаволены і не ахвотны да працы; наракае на здароўе, апускаецца духоўна й маральна; маладое ж пакаленне ёсьць анемічным, бледным, а розумам тупее й набірае сьхільнасьці да благіх учынкаў — выраджэнне!«(2) — пісаў Дубейкаўскі

Новая канструкцыйная разьвязка сьцяны зруба была знойдзена ў 1916 г. у час работы над праектам касьцёла ў Янатрудзе.

У 1923 г. вынайдзеная сістэма была абмеркавана й ухвалена Таварыствам архітэктараў у Вільні і цягам наступных 15 год пацьверджана пасьпяховай практыкай.

Сам аўтар лічыў за перавагу прынцыповую прастату свае разьвязкі, якая не патрабуе высакае кваліфікацыі будаўнікоў.

З нагоды будаўніцтва дома падлясьнічага у Кене ён пісаў:»…бачым як чыста, гладка, па-сталярску выконваюццасьцены, прытым, пазволю сабе зьвярнуць увагу, што іх выконваюць хлопцы-дзеці, мае вучні із Школы Будоўлянага Рамесла ў Вільні.

Гэта — найлепшы доказ, што дзеці пад кірункам цесляра-інструктара патрапляюць пабудаваць салідны дом, значыць — маім сыстэмам абходзіцца дзешавей і ня толькі лясны матарыял, але так-жа і выкананне будовы, якую могуць будоваць неканечна прафэсыянальныя цесьляры…».

І далей: «Наступна бярэ ахвота пахваліцца монумэнтальнай будовай — дзераўляным, трох-навовым з высокай вежай касьцёлам, пабудаваным — тымі-ж 16-18 летнімі вучэньнікамі, у два летніх сезоны-у 1927-ым і 1929-ым гадох у Дрысьвятах, у павеце Браслаўскім.

Зь недахопу месца, падаем тут толькі хоць два фотаграфічэскіх зьнімкі, якія засьведчаць з ўсёй дакладнасьцяй мой сыстэм-рэформу дзераўлянага будоўніцтва, аб чым гатовіцца сьпецыяльная кніжка, калі Бог дапаможа…

Першы зьнімак прэзэнтуе частку нутра касцёла, дзе бачым спосаб выканання сьцен — сьцены агэблёваны нагладка, у злучвах, між вянцоў  ні відаць ані мшэння, ані шчэлак, столь — назакладку, а на кантах бэлек цягніцца разьба шнурочкам, стаўпы маюць свой профіль, якія падпіраюць сяродкавую наву, на вуглу, пры градцэ, умешчына неяк прыхільна амбона, і ўсе паасобныя фрагменты выпаўнены па-мастацку, а ў агульнасьці даюць сымпатычную сынтэзу.

Другі зьнімак выражае агульны від — перспектыву касьцёла з вонку, дзе відаць прапорцыю асобных часьцінаў, якія ствараюць адналітаю, монумэнтальную форму прыпамінаючы наш беларускі стыль«(3).

Сярод папераў Дубейкаўскага, якія перахоўваюцца ў Вільні, ёсьць непрадатаваны фрагмент польскамоўнага рукапісу «Ewolucja b reforma budownictwa drzwnego» надпісаны «do druku» і ягоны чарнавік з паметаю «w archiwum(4)»

Па зьмесьце гэта пераказ  першае часткі беларускамоўнага варыянту і, відаць, ёсьць падрыхтаваным да публікацыі паведамленьнем аб сістэме або кансьпектам лекцыі. Там жа захоўваецца поўны тэкст, напісаны па-беларуску.(5)

Мяркуючы па пэўнай спрошчанасьці выкладу, ён прызначаўся для навучання або папулярызацыі канструктыўнае сістэмы Дубейкаўскага. Нездармаж віленскі дасьледчык Адольф Клімовіч, які карыстаўся незнаёмай нам аўтабіяграфіяй архітэктара, у сваіх рукапісных «Матэрыялах да біяграфічнага слоўніка дзеячоў беларускай культуры і нацыянальнага руху» пісаў, што «собскую тэхніку будавання з дрэва выясьніў Дубейкаўскі ў падручніку будавання, пакіненаму, на жаль, толькі ў рукапісе(6)«.

Пачатак работы над тэкстам прыпадае на сярэдзіну 30-х гг. гаворачы аб прамежку часу 1934-1938 гг. жонка архітэктара Кветка Вітан (Юліяна Мэнкэ) у сваіх успамінах пра Дубейкаўскага  ўзгадвае, што той «узімку піша працу пра булаўніцтва па-беларуску». І далей — «у верасьню 1938 г. ён мусіць падаццы цяжкойсапарацы, што робіць яго траха інвалідам. Ён мала можа выходзіць, мусіць закінуць фаховую (прафесійную — В.Г.) працу, як і любы занятак у садзе, але сваю працу з будаўніцтва ён піша далей, у часіны вольныя ад боляў«.(7)

Увесну 1940 г. Дубейкаўскі завяршае работу над тэкстам і неўзабаве памірае. «Згодна з воляй нябожчыкавай усе ягоныя кнігі з гісторыі Беларусі і з мастацтва, далей ягоная праца з будаўніцтва… былі адданыя да Беларускага музэю Івана Луцкевіча ў Вільні«(8).

Пасьля прылучэння Вільні да Літоўскай ССР Беларускі музей быў скасаваны і з тага часу тэкст «Эволюцыі …» перахоўваецца ў Аддзеле рукапісаў бібліятэкі АН Літвы. Гэтая ж публікацыя падрыхтавана з мікрафільма, які знаходзіцца ў аддзеле рэдкае кнігі й рукапісаў Цэнтральнае навуковае бібліятэкі ім. Я.Коласа АН ССР(Фр.191).

Рыхтуючы паблікацыю, мы імкнуліся па-мажлівасці захаваць асаблівасьці мовы й правапісу арыгінала, але, зважаючы на пэўную неадпаведнасць аўтарскае лексікі сучаснай літаратурнай норме, у канцы падалі невялічкі тлумачальны слоўнічак малазразумелых дойлідскіх тэрмінаў.

У падрыхтоўцы рукапісу да друку нам пашчасьціла карыстацца парадамі дырэктара Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру ім. Францішка Скарыны д-ра Адама Мальдзіса і дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Алеся Бяляцкага, за што выказваем ім шчырую падзяку. 

(1) Часам сустракаецца іншае напісанне прозьвішча — Дубяйкоўскі

(2) Бібліятэка АН Літвы, аддзел рукапісаў, VBF, адз. зах. 128, арк. 22-23, 29-30

(3) Ibid, арк. 19-20

(4) bid, арк 21-25, 26-30

(5) Ibid, арк 1-18

(6) Цэнтральная навуковая бібліятэка ім. Я.Коласа АН БССР, аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў, Ф.5. воп 1, адз.зах.1, арк. 126

(7) Kvetka Vitan «Lavon Vitan-Dubejkauski», New York, 1954, s.15

(8) Ibid, s.17

 Падрыхтоўка тэкста
і ўступ да публікацыі Вадзіма Гліньніка.
“Архитектурное наследие”