ГЭС «Дружба народов»

Фота І.Казлова

У двух кіламетрах ад Дрысвятаў, па дарозе на Опсу, знаходзіцца будынак гідраэлектрастанцыі «Дружба народов» — помнік архітэктуры і гісторыі 50-х гадоў. 

Архітэктары надалі будынку вельмі пампезны выгляд, характэрны для архітэктуры сталінскіх гадоў.

Невялікі будынак ГЭС у плане блізкі да квадрата, з боку галоўнага фасада ўпрыгожаны порцікам, чатырма прамавугольнымі калонамі з шырокім антаблементам і складаным франтонам.

Порцік аздоблены масіўнымі, адлітымі з бронзы сімволікай СССР і назвай станцыі вялікімі бронзавымі літарамі. 

Браслаўскія сшыткі  3 1999 стар.94 

Некалькі гістарычных кадраў аб будаўніцтве ГЭС «Дружба народов»
з фільма (пачатак)
«Игналинская Атомная Электростанция
1983-2008»
https://www.youtube.com/watch?v=xfkMaJE0zN4

 ГЭС «Дружба народаў»

Як і ўсе раптоўныя жыццёвыя ўзрушэнні, будаўніцтва гідраэлектрастанцыі «Дружба народаў» ля Дрысвятаў, спакваля стала здабыткам гісторыі пасляваеннага часу на Браслаўшчыне.

Існуюць розныя версіі і думкі — чаму, менавіта на гэтым месцы была пабудавана электрастанцыя.

З пункту гледжання тагачасных патрабаванняў і тэхналогій малых ГЭС месца выбрана невыпадкова.

З пункту гледжання ідэалогіі таксама ўсё аб’ектыўна: пачатак 50-х гадоў, пабудова камунізму, як супрацьлеглыя палюсы выступалі ідэалогія і эканоміка. Але як было не было, запланаваная задума была рэалізавана — на мяжы трох рэспублік СССР — Літвы, Латвіі і Беларусі агульнымі намаганнямі паўстала ГЭС «Дружба народаў».

Вельмі цікава прасачыць і прааналізаваць некаторыя моманты ходу будаўніцтва аб’екта народнай гаспадаркі.

Возера Дрысвяты служыла ў розныя перыяды жыцця чалавека чымсці большым, чым водны аб’ект. Па ім праводзілі розныя межы, у т.л. і паміж рэспублікамі СССР.

У 1951 г. згодна плана электрафікацыі СССР паўстала ідэя будаўніцтва не вельмі магутнай гідраэлектрастанцыі на беразе возера.

Мясцовыя камітэты камуністычнай партыі, пасля іх сельгасарцелі, горача прынялі навацыю.

Трэба сказаць, што не апошнюю ролю адыграў ідэалагічны ціск. 21 лістапада 1951 г. у в. Дрысвяты адбыўся сход прадстаўнікоў калгасаў, беларускага — імя Молатава, літоўскага — імя Міцкевіча і латвійскага — імя Свярдлова.

Н гэтым сходзе было вырашана пабудаваць міжкалгасную гідраэлектрастанцыю на беразе воз. Дрысвяты, на беларускім баку.

Вось што напісалі калгаснікі ў пастанове сходу:

«Пабудаваць агульнымі сіламі гідраэлектрастанцыю на возеры Дрысвяты. У знак непарушнай дружбы народаў, яркім выражэннем якой з’явіцца гэтае збудаванне на стыку граніц трох братніх рэспублік, назваць будоўлю «Дружба народаў». 

Сход абраў міжкалгасны савет садзейнічання будаўніцтву ГЭС, старшынёй выбралі Г.Савіча, кіраўніка калгаса імя В.Молатава (пазней яго змяніў Дз.Іваноў, старшыня калгаса імя А.Міцкевіча).

Праз некаторы час пачаліся праектна-вынаходніцкія працы. Іх праводзіў філіял дзяржінстытута СССР па праектаванню электрафікацыі сельскай гаспадаркі Беларусі. Яму была пастаўлена задача скласці тэхнічны праект ГЭС і праект электрафікацыі калгасаў.

Урад СССР і ўрады рэспублік выдаткавалі грошы на праект і выдалі пазыку.

У лютым 1952 г. у Дрысвяты прыехалі геадзісты і правялі комплекс даследванняў, а ў чэрвені праект здалі і зацвердзілі.

Пачыналася падрыхтоўка будаўнічай пляцоўкі.

Аналізаваць праект няма падстаў, але некаторыя яго асаблівасці патрабуюць разгляду.

Гідраэлектрастанцыю прывязалі да месца вытока з возера — штучнага канала, які злучаў воз. Дрысвяты і воз. Аболе.

На канале ў XIX ст. быў пабудаваны млын. 

Узроўні вады ў вышэйназваных азёрах былі рознымі і таму асаблівасць вырашана было скарыстаць.

Згодна праекта, канал павінна перагарадзіць плаціна вышынёй 6,5 м, шырынёй 100 м.

У выніку гэтага, узровень вады ў возеры Дрысвяты падымецца яшчэ на 60 см.

У працэссе будоўлі, дзеля ўтрымання значнага аб’ёма вады і яе стока ў канал Прорва, усе іншыя вытокі з Дрысвятаў перагарадзілі дамбамі.

Але гэта не ўсё. Каб папоўніць запасы вадыў возеры, планавалася ваду з воз. Апіварда, якая праз р.Апівардка ішла ў р.Дрысвяціцу, а далей у р. Дзісну, перакінуць у воз.Дрысвяты, запрудзіўшы месца ўпадзення Апівардкі ў Дрысвяціцу.

Тым самым чалавек парушаў гідралагічны рэжым некалькіх азёр і рэк, змяняў іх узровень, кірунак цячэння, вадазбор.

Былыя, прыродна ўтвораныя рэчышчы пазней выкарысталі меліяратары.

Гэтыя наступствы з’явіліся самым слабым месцам і ў праекце і ў рэчаіснасці.

Чалавек умяшаўся ў прыродны баланс, хаця з пункту гледжання экалогіі вынікі не настолькі катастрафічныя.

Праектная магутнасць ГЭС складала 300 кВт/гадзін. За адзін год планавалася выпрацаваць
1 172 000 кВт электраэнергіі, што павінна хапіць на электрафікацыю 11 калгасаў.

Узвядзенне плаціны вяло да павышэння ўзроўня вады і затапленню 225 га зямлі, у т.л. некалькіх маленькіх вёсак і хутароў. Прынятае рашэнне прадугледжвала перанос дамоў у іншае месца.

Калі ўсе падрыхтоўчыя працы завяршыліся, распачалося будаўніцтва 8 чэрвеня 1952 г. на месцы, дзе павінна з’явіцца ГЭС адбылася ўрачыстая закладка першага каменя ў падмурак электрастанцыі.

Кіраўніком будоўлі прызначылі Леаніда Скарабагатага.

Кампартыя і ўрад паставілі перад будаўнікамі складаную задачу — пусціць ГЭС 5 снежня 1952 г. у дзень сталінскай Канстытуцыі.

На ўвесь комплекс мрапрыемстваў адводзілася толькі 6 месяцаў.

Працы развярнуліся на трох кірунках:

  • узвядзенне машыннага зала ГЭС;
  • будаўніцтва дадатковай інфраструктуры (памяшканне канторы, складоў, інтэрнатаў, крамы і сталовай, клуба); 
  • ідэалагічная прапаганда сярод насельніцтва (друк, радыё).

Спачатку будаўнікі выкапалі катлаван, аб’ёмам 500 м³. У гэтым ім аказалі садзейнічанне падрыўнікі.

Калгаснікі бліжэйшых сельгасарцеляў, пасля завяршэння веснавой сяўбы, рыхтавалі каменне, лесаматэрыялы, вазілі будматэрыялы на падводах.

З літоўскіх і латышскіх лясоў нарыхтаваны лес звозілі да возера, вязалі ў плыты і сплаўлялі напрамую праз возера.

Хапала на будоўлі і сучаснай тэхнікі: 14 самазвалаў, аўтамашыны ЗІС, трактары з МТС, механічныя бетоназмяшалкі, насосы, транспарцёры, скрэперы Д-183.

Галоўным агрэгатам лічылася машына СУТА (сплаўны ўніверсальны трактарны агрэгат).

Сярод рабочых на дастаткова высокім узроўні было наладжана сацыялістычнае спаборніцтва. Так камсамольцы праявілі ініцыятыву — адпрацаваць звыш нормы кожнаму па 50 гадзін.

Гартаючы тагачасныя газеты з матэрыяламі аб будоўлі ГЭС, нецяжка заўважыць вялікую эмацыяльнасць апісанняў.

У апраўданне таму — час, пачатак 50-х гадоў, а гэта шырокамасштабная «будова камунізму», апошнія гады кіравання Сталіна.

Дрысвяты наведвалі ў той час многія паэты, пісьменнікі, іншыя дзеячы культуры. Будоўлі прысвячаліся вершы, паэмы, кінастужкі, нават аперэта. Варта прыгадаць раман народнага паэта Беларусі П.Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», «Паэму братэрства» вядомага літоўскага паэта Э.Межэлайціса, аперэту А.Шылінскага «У краі блакітных азёраў, оперу Г.Вагнера «Святло і цені», вершы А.Астрэйкі, А.Русака і г.д.

Матэрыялы насычаны апісаннем гераічных учынкаў, але няма ніводнага з расказам аб складанасцях і цяжкасцях.

Не ўдалося знайсці адказу на пытанне, чаму мяняліся кіраўнікі. Толькі ўскосна кажацца пра невыкананне ўзятых абавязацельстваў.

Будаўнікі не здолелі здаць у эксплуатацыю ГЭС 5 снежня 1952 г. Чаму так здарылася? Прамога адказу знайсці цяжка, але крыху прычыну тлумачыць справаздача аб ходзе будаўніцтва, датаваная 20 лютым 1953 г.

На гэты момант агудьны аб’ём прац быў выкананы на 70% Прычыны — несвоечасовая дасылка чарцяжоў праекта, памылкі ў ім, восеньскае бездарожжа, марознае надвор’е ў лютым, якое спыніла ўсе бетонныя працы, адсутнасць некаторых будматэрыялаў (высокавольтных слупоў, цэглы).

Завяршылася будоўля ГЭС «Дружба народаў» улетку 1953 г. 13 ліпеня дзяржаўная камісія правяла выпрабаванне механізмаў, турбін, рухавікоў у калгасах, а таксама прыняла лініі электраперадачы. Абслугоўваць ГЭС сталі два чалавекі ў змену.

19 ліпеня 1953 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё ГЭС у в.Дрысвяты. На свята сабралася вялікая колькасць народа, было шмат гасцей.

На ўрачыстым мітынгу бралі слова Дз.Іваноў, старшыня міжкалгаснага савета садзейнічання будоўлі, А.Дзем’янчыкаў, сакратар Відзаўскага райкма кампартыі, старшыні прэзідыума Вярхоўнфх саветаў Беларусі і Латвіі Казлоў і Озалінь, намеснік старшыні Савета Міністраў Літвы Шумаўскас.

Пасля мітынгу адбыўся канцэрт вядомых дзяржаўных калектываў і калектываў мастацкай самадзейнасці.

 Гідраэлектрастанцыя адпрацавала больш за 20 год. Безумоўна, яна шмат унясла ў развіццё аграпрамысловага комплексу. Хутчэй за ўсё яна працавала б і сёння, але будаўніцтва Ігналінскай атамнай электрастанцыі на супрацьлеглым беразе возера ўнесла свае карэкцівы. Станцыю зачынілі. Зараз былая ГЭС уваходзіць у комплекс абслугоўвання АЭС і ўзята ў доўгатэрміновую арэнду літоўскім бокам.

А.Панцялейка
Браслаўскія сшыткі  3 1999 стар.129-130.